Нарадзілася Надзея Касцючэнка ў вёсцы Лутава 7 лістапада 1922 г. у сялянскай сям’і. Уступіўшы ў Камуну, бацькі Надзеі пераязжаюць у веску Арэхаўна.
Дзяцінства Надзеі праходзіла ў маляўнічых месцах в.Арэхаўна. Прыгожы цяністы парк, цудоўнае возера-мясціны, дзе Надзя гуляла са сваім малодшым братам Іванам, вучылася цаніць прыгожае, любіць родны край.
Пасля заканчэння школы па закліку камсамола Надзея едзе працаваць на будаўніцтва Магілеўскай шоўкавай фабрыкі. Пасля звароту дадаму, яна працуе загадчыцай чытальнай залы бібліятэкі пры Ушацкай МТС.
Вайна… Вестку пра яе Надзея Касцючэнка пачула, калі была на рабоце. 3 ліпеня ва Ушачах з’явілася першая варожая машына. А 9 ліпеня Ушацкі раён быў акупіраваны гітлераўскімі войскамі.
30 мая 1942 года Надзея Касцючэнка пайшла ў партызанскую брыгаду “Дубава”. Збірала зброю, хавала параненых чырвонаармейцаў, перапісвала сводкі Савінформбюро, распаўсюджвала ў суседніх весках лістоўкі – так пачынала маладая дзяўчына помсціць ворагу.
Надзея не дачакалася вызвалення роднай зямлі ад ворага. Пра апошні бой і гераічны ўчынак Надзі расказваецца на старонках кнігі “Памяць. Ушацкі раён”. (с.229)
“…7 чэрвеня разведка паведаміла, што ў напрамку вёскі Пышна рухаюцца варожыя танкі. З боку ўрочышча Каменка ў напрамку могілак паказаўся лёгкі нямецкі танк. Ён быў падбіты разлікам ПТР І.Крыўца. у гэты ж час над нашымі пазіцыямі праляцеў фашысцкі самалёт і скінуў лістоўкі. Праз некалькі хвілін пачаўся артылерыўска-мінамётны абстрэл, які працягваўся звыш паўгадзіны. Затым наступіла зацішша. Потым на нас рушылі падраздзяленні паліцаяў і ўласаўцаў, апранутых у маскхалаты. Мы адкрылі агонь. Нас падтрымалі кулямётчыкі. Падняліся ў атаку і карнікі. Мы выстаялі. Фашысты, пакінуўшы на полі некалькі дзесяткаў забітых, адступілі.
Праз некаторы час фашысты зноў пайшлі ў атаку. Жорсткасць бою нарастала. Нямецкія танкі, мінуючы нас, рушылі па вуліцы. Утварылася пагроза акружэння.
Быў паранены Сямён Клопаў. Да яго хутка падпаўзла медсястра Ніна Флігоўская і пачала перавязваць. За кулямётам была Надзея Касцючэнка. Трапным агнём яна адсекла ад танка варожых аўтаматчыкаў і знішчыла іх. Замаўчаў кулямёт Аляксея Карабіцкага. Камандзір кулямётчыкаў, сабраўшы ўсе сілы, паспеў аддаць загад: “Ні кроку назад!”. Надзея Касцючэнка і Ніна Флігоўская працягвалі стрымліваць націск фашыстаў. Аднак праз некалькі хвілін замоўк і іх кулямёт. Раптам прагрымеў выбух. Я паглядзеў у той бок і ўбачыў падбіты танк над акопам, дзе знаходзілася Надзя. Адважная дзяўчына кінулася пад гусеніцы танка са звязкай гранат. Цаной жыцця кулямётчыкі не прапусцілі варожыя танкі, сарвалі план карнікаў.”
Надзея Лявонаўна Касцючэнка загінула 8 чэрвеня 1943 года.
За мужнасць і гераізм Надзея Кастючэнка пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені.
Згодна рашэнню збору піянерскай дружыны Арэхаўскай сярэдняй школы ад 15 верасня 2003 г. было прынята рашэнне аб вяртанні піянерскай дружыне школы імя героя Вялікай Айчыннай вайны Н.Л.Касцючэнка.
Згодна рашэнню Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 18 чэрвеня 2004 г. № 358 Арэхаўская сярэдняя школа была ўдастоена прысваення імя Н.Л.Касцючэнка і стала называцца “Арэхаўская агульнаадукацыйная сярэдняя школа імя Н.Л.Касцючэнкі”.
За мужнасць і гераізм Надзея Кастючэнка пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені.
У 1978 г. да 60-годдзя ВЛКСМ быў адкрыты помнік Н.Л.Касцючэнкі перад будынкам старой школы.
У 1998 годзе бюст быў перанесены ў двор новага будынку Арэхаўскай сярэдняй школы.
У 2002 годзе згодна рашэнню Ушацкага раённага выканаўчага камітэта імем Н.Касцючэнкі названа вуліца ў г.п.Ушачы.
раскрыть » / « свернуть